раўнаважны стан двухфазнай сістэмы, у якім розныя фазы становяцца аднолькавымі па сваіх фіз. уласцівасцях. Характарызуецца крытычнымі значэннямі т-ры, ціску і аб’ёму; на дыяграме стану яму адпавядаюць лімітавыя пункты на крывых раўнавагі фаз (крытычныя пункты). Уласцівасці рэчыва ў К.с. вывучаюць і выкарыстоўваюць пры стварэнні ўстановак звадкавання газаў, раздзялення сумесей, энергет. установак на звышкрытычных параметрах і інш.
Пры набліжэнні да К.с. адрозненні ў шчыльнасцях, складзе і інш. уласцівасцях фаз, а таксама скрытая цеплата фазавага пераходу і міжфазнае паверхневае нацяжэнне змяншаюцца і ў крытычным пункце роўныя нулю. Уласцівасці новай фазы бясконца мала адрозніваюцца ад уласцівасцей зыходнай і таму пры яе ўзнікненні выключаецца пераграванне (пераахаладжэнне), а таксама выдзяленне (паглынанне) цеплаты, што характэрна для фазавых пераходаў 2-га роду. Значна ўзрастаюць флуктуацыі шчыльнасці і канцэнтрацыі (у сумесях); у крытычных пунктах растваральнасці становіцца неабмежаванай узаемная растваральнасць кампанентаў. Гл. таксама Крытычныя з’явы.
П.А.Пупкевіч.
Да арт Крытычны стан. Крывыя расслаення на 2 фазы раствораў: а — вада—фенол; б — вада—нікацін (1, 2 — верхні і ніжні крытычныя пункты адпаведна). Выдзелены вобласці двухфазнай раўнавагі.